...мой скромный мир...
Ліпень. Спякота. Дзве постаці. Яны ледзь бачныя сярод каласоў пшаніцы, якія, быццам жоўтыя стрыжані, тырчаць з самой зямлі. Невялічкая сцежка жоўтай стужкай вядзе гэтых людзей кудысьці ўдалечыню.

Бацька з сынам. Гэта мог бы сказаць нават старонні чалавек, зважаючы на тую акалічнасьць, што аб'ядноўвае іх і што так незаўважна на фоне гэтага летняга поля. Колер. Колер валасоў. Жытнёвыя, залатыя, выгарылыя на сонцы.

Сціскаючы сваёй маленькай далоньню моцную руку свайго бацькі, малы ледзь пляцецца па дарожцы. Хлопча ўсё паўтарае нешта сабе пад нос. Пэўна, сьпявае нешта.

Валошка, шчэ адна, яшчэ.

- Тата, а хто мы?

- Людзі.

- А Васька, што з суседняй, ён хто?

- І ён таксама.

- Чаму ж тады гутарка ў яго дзіўная нейкая? Незразумела неяк кажа.

- Бо ён рускі, а ты беларус.

- Беларус? Гэта як?

Бацька садзіцца на кукішкі, дзеля таго, каб зазірнуць сыну ў вочы. Усьміхаецца:

- Ну брат, гэта проста. Бачыш гэтае поле? Кожны колас, кожная валошка на ім беларуская. І неба гэтае, і сонца, і зямля... Беларускія. Твае. Бо ты беларус. І сэрца тваё створана гэтай зямлёй. І так будзе заўжды. Барані гэтае. Бо яно тваё.



P/S Дзякуй, Варкус!