Пагавары са мной на роднай мове,
Не лайся, не цурайся, не журыся,
А цёплай прастатой у кожным слове
Пяшчотна мне да сэрца дакраніся.
Дай водар мне адчуць бароў і пушчаў,
Пахучае паветра сенажаці,
Дзе сонечныя промні колас лушчаць,
Дзе клікае дадому голас маці.
Пагавары са мной на мове роднай,-
Такой квяцістай, срэбна-галасістай,
Няхай непапулярнай і нямоднай,
Але затое годнаю і чыстай.
Пагавары са мною, мілы дружа,
Алеем родных слоў лячы мне раны...
Няхай навокал вар'яцее сцюжа -
Нас ахінула дзіўная нірвана.(С)